Назва: | Transmission Control Protocol |
---|---|
Узровень (па мадэлі OSI): | Транспартны |
TCP (англ.: Transmission Control Protocol — «пратакол кіравання перадачай») — адзін з асноўных сеткавых пратаколаў, з’яўляецца часткай транспартнага ўзроўню стэка TCP/IP. Пратакол TCP забяспечвае надзейную, упарадкаваную і правераную на памылкі дастаўку патоку байтаў паміж хастамі ў сетцы, звязанай па пратаколе IP. Большасць функцыяналу Інтэрнета (напрыклад вэб-старонкі або электронная пошта) абапіраецца на TCP.
TCP адкрывае злучэнне паміж кліентам і серверам перад адпраўкай даных. Сервер павінен праслухоўваць запыты на злучэнне ад кліентаў, перш чым злучэнне будзе ўстаноўлена. Каардынацыя злучэння, паўторная перадача даных і выяўленне памылак павялічваюць надзейнасць, але патрабуюць больш часу. Праграмы, якім не патрабуецца надзейная перадача даных, могуць замест TCP выкарыстоўваць пратакол UDP.